2018 год аб’яўлены годам малой радзімы. З гэтай нагоды ва ўстановах адукацыі, на прадпрыемствах краіны праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю нацыянальных традыцый, пашырэнне духоўнай свядомасці беларусаў, асабліва моладзі. Не застаўся ў баку ад гэтых мерапрыемстваў і Беларуска-Расійскі ўніверсітэт.
У выкладчыкаў секцыі “Беларуская і руская мова” ёсць добрая традыцыя: кожны навучальны год пачынаць з цікавых экскурсій па гістарычных мясцінах Беларусі. 7 кастрычніка Панежа В. В., Фёдарава Н. У. арганізавалі цікавае падарожжа ў адзін з галоўных палітычных і культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага - Навагрудак. Кожны квадратны метр напоўнены тут духам гісторыі. Пад час аглядавай экскурсіі студэнты пазнаёміліся з багатай і цікавай на падзеі гісторыяй Навагрудчыны. Менавіта на навагрудскай зямлі вырашаліся лёсы многіх дзяржаў, горад вытрымліваў напады крыжакоў, а мясцовы Фарны касцёл памятае вяселле Ягайлы і Соф'і Гальшанскай. З горадам звязана жыццё многіх знакамітых асоб, у прыватнасці Адама Міцкевіча. Каля Замкавай гары ў гонар выдатнага паэта насыпаны Курган Бессмяротнасці, з якога адкрываецца цудоўны від на руіны замка і на горад. Далей наш шлях ляжаў на хутар Літоўка, што знаходзіцца за сем км ад Навагрудка. Гэта казачнае месца ў стылі фэнтэзі. Завяршылася падарожжа ў Любчанскім замку (пабудаваны ў 1581 годзе) на левым беразе Нёмана.
Недалёка ад Мірскага і Несвіжскага замкаў (60 км ад Мінска) знаходзіцца парк-музей інтэрактыўнай гісторыі “Сула”. У гэта казачнае месца, дзе ў кожным кутку адчуваецца дзіўная атмасфера мінулых часоў, 11 лістапада адправілася група студэнтаў разам з выкладчыкамі Панежа В. В. і Фёдаравай Н. У. у сваё чарговае падарожжа. У Суле перад нашымі вачыма паўстала жывапіснае месца з замкам, цудоўным паркавым комплексам і возерам, на хвалях якога мірна пагойдваўся карабель. Пад час экскурсіі пазнаёміліся з цікавай гісторыяй жыцця былых гаспадароў маёнтка - багатага шляхецкага роду Ленскіх, наведалі домікі майстроў розных рамёстваў, лялечны тэатр Батлейка і нават завіталі ў госці да чараўніцы. З Сулы наш шлях ляжаў у мястэчка Станькава, дзе знаходзіцца памесце вядомага дваранскага роду Чапскіх. На жаль, з былога памесця мала што захавалася. Але ў нас была іншая задача! У Станькава студэнтаў чакала цікавая гульня - квэст “У пошуках скарбаў Гутэн-Чапскіх”. Каб адшукаць скарбы, "схаваныя ў недрах зямлі", скарбашукальнікам давялося прайсці праз розныя выпрабаванні, выканаць даволі складаныя заданні, прымяніць не толькі веды, але і знаходлівасць.
Нягледзячы на туман, вецер, холад, настрой ва ўсіх быў цудоўны!