У межах шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 750-годдзю горада Магiлёва, кафедра “Беларуская, руская і замежныя мовы” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта працягвае праект “Мой Магілёў”.
Падзея 4.
Х Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”, прысвечаная 750-годдзю Магілёва, адбылася 25 − 26 мая 2017 г. Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Магілёўскі гарадскі выканаўчы камітэт, упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага гарвыканкама, установа культуры “Музей гісторыі Магілёва”.
На навуковым форуме прысутнічалі прадстаўнікі з Беларусі, Украіны, Польшчы, Туркменістана. На пленарным і секцыйных пасяджэннях былі прадстаўлены цікавыя даклады, звязаныя з выбітнымі дзеячамі Магілёва − навукоўцамі, мастакамі, святарамі і інш., прадстаўлены новыя факты з гісторыі горада. Так, у выступленні доктара гістарычных навук, прафесара, старшыні пастаяннай камісіі па адукацыі культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.А. Марзалюка прагучалі факты пра археалагічныя знаходкі княжацкіх знакаў і падвескі з выявай геральдычнага знака князя Уладзіміра, якія дазваляюць сцвярджаць, што Магілёў заснаваны не пазней за 1015 г.
У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел і выкладчыкі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. У межах секцыі “Духоўныя традыцыі: літаратура і мастацтва” быў прадстаўлены даклад ст. выкладчыка кафедры “Беларуская, руская і замежныя мовы” А.В. Шарапавай “…Кут свой родны, дарагі”: жанрава-стылёвыя асаблівасці паэзіі Аляксея Пысіна для дзяцей і асаблівасці яе вывучэння”.
Таксама ў межах канферэнцыі адбылася прэзентацыя зборніка навуковых прац, выдадзеных па матэрыялах канферэнцыі “Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць”, прайшоў круглы стол па тэме “Музей гісторыі Магілёва ў сацыякультурным асяроддзі горада. Актуальныя праблемы і перспектывы”.
Канферэнцыя завяршылася, але юбілейныя мерапрыемствы і праект “Мой Магілёў” кафедры “Беларуская, руская і замежныя мовы” працягваюцца!
Чакайце новых аповедаў пра падзеі праекта “Мой Магілёў” кафедры “Беларуская, руская і замежныя мовы”. Сачыце за навінамі на старонцы кафедры “Беларуская, руская і замежная мовы” “ВКонтакте” (наш хэштэг #моймагілёў).