У гэтым годзе наш родны Магілёў адзначае свой юбілей − гораду 750 гадоў. У межах шэрагу святочных мерапрыемстваў кафедра “Беларуская, руская і замежныя мовы” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта распачынае праект “Мой Магілёў”.
У межах праекта адбудзецца шмат розных і цікавых падзей. Далучайцеся, сачыце за навінамі на старонцы кафедры “Беларуская, руская і замежная мовы” “ВКонтакте” (наш хэштэг #моймагілёў).
Падзея 1. У першы дзень вясны студэнты аўтамеханічнага факультэта групы АВТ-161 і ТЭА-161 разам са сваімі куратарамі наведалі выставу фотаздымкаў 1941 − 1944 гадоў “Невядомы Магілёў”, якая была арганізавана Музеем гісторыі Магілёва.
Фотаздымкі адлюстроўваюць Магілёў ў часы акупацыі. Цэлая серыя фотаздымкаў зроблена 10 красавіка 1942 года падчас трагедыі на Дубравенцы, калі прарваў насып, што перакрываў рэчышча гэтай рэчкі. На шэрагу выяў адлюстраваны Магілёў, які не захаваўся, − храмы, жылыя дамы, грамадскія ўстановы, якіх не пашкадаваў ні час, ні людзі. Студэнтам цікава было параўнаць сённяшні і старажытны горад, паглядзець, як выглядала тая ці іншая вуліца, плошча, родны ўніверсітэт.
Чакайце новых аповедаў пра падзеі праекта “Мой Магілёў” кафедры “Беларуская, руская і замежныя мовы”.