У дні вясенніх канікул Магілёў прымаў удзельнікаў 35-й юбілейнай Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура”. У наш горад з’ехаліся прадстаўнікі шасці абласцей Беларусі, Мінска, Рэспублікі Польшча: 120 вучняў ІХ – ХІ класаў. Як падкрэсліла галоўны спецыяліст Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь І.У. Булаўкіна, Магілёў нездарма мае гонар праводзіць алімпіяду менавіта па названых дысцыплінах. У гэтым вялікая заслуга магілёўскіх педагогаў, якія на такім высокім узроўні рыхтуюць каманду вобласці, што ўжо колькі гадоў запар яна атрымлівае першае агульнакаманднае месца ў спаборніцтвах.
На ўрачыстым адкрыцці таленавітую моладзь віталі прадстаўнікі адміністрацыі горада, навукоўцы, члены журы. Старшыня журы алімпіяды доктар філалагічных навук, прафесар І.В. Саверчанка адзначыў, што такія мерапрыемствы – сапраўднае свята, знак таго, што дзяржава, урад клапоцяцца аб інтэлектуальным развіцці моладзі. На працягу трох дзён праходзілі асобныя туры алімпіяды – пісьмовы водгук на мастацкі твор, комплексная работа па прадметах і вуснае выказванне на прапанаваную тэму. Падвядзенне вынікаў паказала належны ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў. Магілёўская каманда зноў паказала высокі клас – з 16 прадстаўнікоў нашай вобласці ў 12 чалавек дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені, у 1 – пахвальны водзыў. І.В. Саверчанка адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў і падкрэсліў, што такіх дзяцей будуць рады ўбачыць не толькі ўніверсітэты, але і аспірантуры. Таму вельмі важна своечасова праводзіць прафарыентацыйную работу сярод вучнёўскай моладзі, акрэсліваць перад імі перспектывы навучання ў той або іншай установе вышэйшай адукацыі.
Пра Беларуска-Расійскі ўніверсітэт алімпіяднікам паведаміла член журы, старшы выкладчык кафедры “Гуманітарныя дысцыпліны” А.В. Шарапава. У кантэксце нязмушанай гутаркі яна расказала членам каманд, а таксама членам журы пра навучальную ўстанову, раздала рэкламныя буклеты факультэтаў. Такім чынам, інфармацыя будзе распаўсюджвацца па рэгіёнах, па школах і прынясе свае вынікі ў выглядзе новых дастойных абітурыентаў.
На ўрачыстым закрыцці пастараліся ўхваліць усіх удзельнікаў. Алімпіяда мела шмат спонсараў, якія сфарміравалі падарункі па розных катэгорыях: “За волю да перамогі”, “Самаму маладому ўдзельніку алімпіяды” і інш. Падарунак ад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў ганаровай намінацыі “Абсалютная асабістая перамога” за самую высокую колькасць набраных балаў і адпаведна за абсалютнае асабістае першынство ўручаў прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта А.У. Казанскі. Перадаючы пераможцу планшэт ён адзначыў, што сапраўдны грамадзянін павінен любіць сваю Радзіму, не цурацца роднай мовы і культуры, захоўваць нацыянальныя традыцыі. Беларусы нават і ўдалечыні ад Айчыны памятаюць і шануюць яе. А маладыя хлопцы і дзяўчаты, што нарадзіліся і выраслі тут, прынясуць беларускай зямлі яшчэ больш славы і гонару!