У межах шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 750-годдзю горада Магiлёва, кафедра “Беларуская, руская і замежныя мовы” Беларуска-Расійскага ўніверсітэта працягвае праект “Мой Магілёў”.
Падзея 5. Першы дзень лета студэнты аўтамеханічнага факультэта групы АВТ-161 і ТЭА-161 разам са сваімі куратарамі А.В. Шарапавай і А.У. Цітовай азначылі краязнаўчай экскурсіяй па горадзе Магілёве. Яе правёў вядомы магілёўскі краязнавец, старшыня Магілёўскай гарадcкой суполкі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Дзьячкоў.
Пад час экскурсіі студэнты прайшлі па вуліцы Ленінскай, якая раней мела назвы Ветраная, Вялікая Садовая, Інжынерная. Акрамя таго, яны даведаліся пра гісторыю многіх будынкаў: корпуса № 3 Беларуска-Расійскага ўніверсітэта і корпуса № 2 МДУ імя А.А. Куляшова, мастацкага музея Бялыніцкага-Бірулі і былой Магілёўскай мужчынскай гімназіі, былых палацаў Г. Каніскага і С. Богуш-Сестранцэвіча, Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра і рэшткаў былой Магілёўскай духоўнай семінарыі; паглядзелі на скверы Тэатральны, Камсамольскі, 40-годдзя Перамогі. На вялікі жаль, многае ў нашым горадзе не захавалася, таму пры аповедзе А. Дзячкоў актыўна карыстаўся малюнкамі і фотаздымкамі таго Магілёва, якога ўжо няма. Завяршылася экскурсія на Гандлёвай плошчы − сёння Плошча Славы − ля Магілёўскай ратушы.
Завяршыўся і праект “Мой Магілёў” кафедры “Беларуская, руская і замежныя мовы”. Але мы не развітваемся назаўжды, а толькі гаворым “Да сустрэчы ў новым навучальным годзе!”